БАБРУ́ЙСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (№131). Створаны ў Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікамі летам 1941 у акупіраваным Бабруйску на тэр. Бабруйскай крэпасці для масавай загубы сав. ваеннапалонных і цывільных грамадзян. Пад канец года ў ім было каля 60 тыс. чал., з іх больш за 20 тыс. трымалі пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду, антысанітарных умоў пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. У кастр.ліст. 1941 за суткі памірала 600—800, зімой — да 1 тыс. чал. Цяжкахворых фашысты закопвалі разам з мёртвымі. 7.11.1941 гітлераўцы падпалілі адзін з баракаў. Вязняў, якія выбягалі з падпаленага будынка, расстрэльвалі з кулямётаў. У выніку згарэла і расстраляна больш за 4 тыс. чал. У снеж. 1941 пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3200 паўраспранутых вязняў пагрузілі ў таварныя вагоны і на адкрытыя платформы. Усе яны па дарозе замерзлі. Да жн. 1942 загублена каля 40 тыс. чал., да студз. 1944 — усе ваеннапалонныя. Лагер увесь час папаўняўся цывільнымі вязнямі, 5 тыс. з іх вызваліла Чырв. Армія. На магіле ахвяраў фаш. тэрору пастаўлены помнік.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)